ДЫНА́РСКАЕ НАГО́РЕ (Dinarsko gorje),

нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)